Лукашэвіч Юлія Русланаўна,
вучаніца 8 класа
ДУА “Бярозавіцкая сярэдняя школа” Пінскага раёна
Здаецца, няма на свеце ні адной больш урачыстай падзеі, чым вясельны абрад. Вясельны абрад - гэта пачатак і вянок кахання, пачатак сямейнага жыцця, аб якім мараць многія маладыя людзі.
Вяселле-адзін з самых старажытных сямейна-бытавых абрадаў, у асаблівым сэнсе святадзейства. Усе яго атрыбуты мелі калісьці вялікае значэнне, а ўдзельнікі гулялі асаблівую ролю. Большая частка звычаяў, якія мы можам назіраць сёння, - адгалоскі далёкага мінулага. Вяселле ў традыцыйным стылі (ці хаця б з яго элементамі) — сёння рэч досыць модная. Усё больш маладых людзей імкнецца пабрацца шлюбам не толькі «па правілах», але і згодна з традыцыямі нашых продкаў.
Мне стала цікава даведацца пра зараджэнне, традыцыях і асаблівасцях беларускага вяселля, прасачыць, як «трансфармаваўся» вясельны абрад сёння.
Аб'ект: гісторыя вясельнага абраду ў Беларусі.
Прадмет: асаблівасці правядзення вясельнага абраду ў розныя часы.
Тэма, заяўленая намі, з'яўляецца актуальнай, бо сёння патрабаваннем часу з'яўляецца адраджэнне народнай святочнай культуры, якая ў поўнай меры адбілася ў культуры мінулага.
Гіпотэза: Сучаснае вяселле ўтрымлівае толькі элементы традыцый вясельнага абраду сярэдзіны і канца ХХ ст.
Мэта: даведацца і параўнаць, як праводзіліся вясельныя абрады ў розныя часы ў вёсцы Бярозавічы.
Задачы даследавання:
1) вывучыць літаратуру па тэме даследавання;
2) апытаць людзей розных пакаленняў вёскі Бярозавічы аб вясельным абрадзе;
3)вызначыць адметныя асаблівасці вясельных традыцый вёскі Бярозавічы ў розныя часы.
Метады даследаванні: тэарэтычны, эмпірычны (апытанне).
Вясельны абрад сярэдзіны і канца ХХ ст.
Апісанне вясельнага абраду запісана намі са слоў жыхарак вёскі Бярозавічы: Варабей Вольгі Якімаўны, 1926 г. н., Захарчук Евы Дзмітрыеўны, 1929 г. н., Якушэвіч Марыі Іванаўны, 1952 г. н.
Сватанне
Да бацькоў дзяўчыны прыходзілі хрышчоны бацька, родны бацька ці брат і дамаўляліся, калі прыехаць сватам. У нашай мясцовасці ў сваты ішлі жаніх, бацька і блізкая радня (хрышчоны, хрышчонка, сёстры, браты). Нявестка хадзіла і асобна запрашала маці маладога. Калі нявестка падабалася маці жаніха, тая абавязкова прыходзіла, а калі не, то магла і не пайсці.
Радня маладога нясла з сабой гарэлку, а стравы на сталы рыхтавала сям’я маладой. Сватоў садзілі за першы стол у ганаровы вугал. Хрышчоны жаніха наліваў пакрыху ўсім з першай бутэлькі. У пустую бутэльку насыпалі жыта, каб добрае было жыццё ў маладых. Малады забіраў яе дахаты. Хрышчоная маці дзяўчыны навязвала кожнаму свату па ручніку ад нявесты.
Госці выпівалі і частаваліся, спявалі песні:
Учора пылы на корову,
А сёння на каня,
Коб наша мылая здорова була.
Шчоб я знала молодэнька,
Свою горку долю,
Я б послала свойго тата
У долыну по калыну.
Вітер ны віе, сонцэ ны гріе,
Калынка ны зріе.
Шчоб я знала молодэнька,
Свою горку долю,
Я б послала свою маму
У долыну по калыну.
Вітер ны віе, сонцэ ны гріе,
Калынка ны зріе.
Шчоб я знала молодэнька,
Свою горку долю,
Я б послала свойго мылого
У долыну по калыну.
Вітер повіяў, сонцэ прыгріло,
Калына созріла.
У пэўны час дагаворваліся аб тым, колькі падарункаў і каго неабходна навязаць, калі будзе вяселле. Звычайна прызначалі яго на нядзелю. Вяселле ніколі не гралі ў пост, у высакосны год, у маі месяцы, не вянчалі ў царкве ў аўторак, чацвер і напярэдадні вялікіх свят.
Заручыны
Нявеста ў дзень вяселля ўплятала ў касу чырвоную стужку, завязвала прыгожую хусцінку (часта яе не было і прыходзілася пазычаць). Ранкам маладая ішла зваць сваю радню на вяселле. Калі хто сустракаўся на дарозе, то маладая абавязкова кланялася і цалавалася з сустрэчным. Дзяўчына абыходзіла ў вёсцы ўсю сваю радню і вярталася назад. У гэты час малады таксама запрашаў на вяселле сваю радню. Было гэта ў нядзелю. Каля 11 гадзін збіраліся да маладой і маладога вясельныя госці. Садзіліся за сталы, пілі гарэлку і частаваліся. На сталы падаваліся самыя звычайныя стравы: мяса, студзень, сыр, масла, яечня, кісель. Маладыя сядзелі за сталом са сваёй раднёй. Праз некаторы час бацька нявесты прасіў, каб госці выйшлі з-за сталоў, таму што хутка павінны прыехаць сваты.
Чуюцца песні :
Наіхало панычуў цілы двур.
Выйды тэшчо познавай,
Каторы твуй.
У сыному, у зылёному,
То ны муй,
А на коныку, на вороному,
То зять муй.
Глянула ў окэнцэ
У вышнёвы сад,
Да чы сільно цвытэ віноград?
Ой сылно, сылно схылывса Да чого ты, жынышок, запознывса?
Чы я тобі выночкы ны звыла,
Чы я тобі хустонькы ны дала?
Выла тобі выночкы с пірамы,
Вышывала хусточку з паннамы.
Сваты садзяцца за сталы. У гэты час маладая прыходзіць перапівацца. На сподку ляжыць насавая хусцінка, папіросы, насенне. Дзяўчына прапануе ўсё гэта свайму жаніху, ставіць перад ім на стол. Малады забірае ўсё, а ўзамен, дае свой падарунак (цукеркі, хусцінку). Выпіваюць пакрыху, і маладая, пакінуўшы жаніха, ідзе ў сені. Менавіта тут будуць нараджаць нявесту.
Бацька выносіць у цэнтр сяней дзежку, пакрытую кажухом. Прыходзяць сяброўкі і апранаюць дзяўчыну ў вясельны ўбор. Запрашаюць дружка, які расплятае касу, а сяброўкі ў косы ўплятаюць стужку, адзяваюць вэлюм.
Спяваюць песню:
Роспустыла да бырозонька розочкы
Роспустыла молодая дівонька косочкы.
Да поўплітала чырвоныі коснычкы.
Да ныхай моя жоўта косонька жаріе,
Да ныхай моя мамонька жаліе,
А моя свёкроўка высыліе.
Маладая ўстае. Дружок абводзіць яе вакол дзяжы. Яна ўсім кланяецца і цалуецца з раднёй. Затым брат, дружка і дружок вядуць нявесту за стол.
Спяваюць песню:
Брат сыстру на посад выдэ,
Сыстрыца обіжаіцца,
Слёзкамы облываіцца:
«Чым я, братко, надокучыла:
Чы косою русыю,
Чы своею красотою,
Чы раннім ўставаннічком,
Чы білым умывальнічком?»
Пачынаецца цырымонія абходу стала. Ідуць трох. Спераду дружок, затым маладая і дружка. Малады не прапускае маладую, выстаўляючы перад ёю сваю нагу. Маладая павінна пацалаваць жаніха.
Стол абходзяць тры разы. Садзяцца за сталы. Частуюцца, спяваюць песні. Праз некаторы час пачыналі дарыць маладую (жаніха падарылі дома, перад выездам да нявесты). Дарылі тым, што ў каго было: грошы ( 50 капеек, рубель), палатно, рэдка тканіну, нават лён жменямі.
Маладая навязвае сватоў ручнікамі, сітцам.
Пры навязванні спяваюць:
“Моі мылы маршалочкы,
Ны дывуйтэ на подарочкы,
Моя ныва ны ўродыла,
Я молода ны зробыла.
Маты стара ны здужала,
Я молода да ны відала,
Шчо падарочкы трэба.”
Госці працягвалі сядзець за сталамі, весяліцца.
Вянец
Наступаў час ехаць у царкву вянчацца. Хрышчоны бацька запрашаў ўсіх выйці на вуліцу. Звычайна ў царкву ехалі на конях. Коней выбіралі дужых, прыгожых, самых лепшых. На дугу вязалі ручнік і ўпрыгожвалі каляровымі бумажнымі каснічкамі.
Радня спявала:
Іхала дівонька до вынца,
Сыпнула золотом з рукаўца.
А за ею іі мамонька ўдогонку,
Збырае золото ў прыполку.
Ны збырай, мамонька, ны збырэш,
Оно своі слёзонькы розольеш.
Прыехаўшы ў царкву, у час абедні, усе шчыра моляцца. З заканчэннем абедні свяшчэннік праводзіць абрад вянчання, з царквы жаніх разам з нявестай накіроўваюцца зноў да маладой.
Спяваюць:
Мы ў цэрквы бувалы
Тры зіллі відалы:
Однэ зілле – рута,
Другэ зілле – мята,
А трэтее – квіты,
Коб любылыса діты.
Маці нявесты выходзіць на парог хаты вітаць маладых. Для вітання бярэцца з дзяжы века, на якім ляжаць кусочкі пірага, а таксама стаіць мёд. Маці бярэ кусочкі пірага, умочвае іх у мёд і частуе маладых, а затым і іншых гасцей.
Гучыць песня:
Выйды, мамонька, з калачэм,
Ужэ твое дітятко з панычэм.
Выйды, мамонько, з пырожком,
Ужэ твое дітятко з жынышком.
Пасля вітання маладую праводзяць у дом, а жаніх забірае сватоў і вяртаецца дахаты, каб прывесці ўсю сваю радню. Маладая перадае з жаніхом падарункі маці, бацьку, блізкай радні.
У гэты час увесь род нявесты пакідае сталы і ідзе танцаваць, а самыя родныя прыбіраюць на сталах, ставяць розныя стравы. Праз некаторы час прыходзяць малады і яго сваякі.
Хрышчоныя бацькі стараюцца як мага вышэй падняць караваі. Лічылі, чый каравай акажацца вышэй, той з маладых і будзе галоўным у сям’і. Затым караваі ўносіліся ў хату, за імі ішлі вясельныя.
Дружок сядзіўся з маладой за стол, і маладую асыпалі жытам. Часцей за ўсё асыпальніцай была сястра жаніха.
Спявалі песню:
Ой умная, ды розумная
Жыныхова сыстрыца.
Ступыла золотым курком на ўслун.
Дай сыпнула шчасцем – долію за стул.
За пэршым разом, за Божым росказом,
Чы есць батько і маты,
Чы вылыш, чы благословыш
Гэтэ дытя осыпаты.
За другым разом, за Божым росказом,
Чы есць батько і маты,
Чы вылыш, чы благословыш
Гэтэ дытя осыпаты.
За трэтім разом, за Божым росказом,
Чы есць батько і маты,
Чы вылыш, чы благословыш
Гэтэ дытя осыпаты.
Пасля гэтага жаніх выкупляе месца каля нявесты. Дае грошы дружку, і той уступае яму месца.
Чуецца песня:
Наш дружэчок ныгэль
Дай на смітнычку ныгаў,
Дай шыляжэчкы (грошы) збыраў,
Дай дружычку скупляў.
Вяселле працягвалася доўга. Позняй ноччу маладую выводзілі да жаніха. Перад ад’ездам скуплялі пасцель маладой. Пасцель ляжала ў сенях, звязаная радзюгай. Сястра ці брат нявесты, або другія родзічы патрабавалі грошы, і толькі пасля іх атрымання аддавалі пасцель сватам. Увесь пасаг: кухар з адзеннем маладой, пасцель везлі на возе. Родзічы жаніха ў гэты час стараліся ўзяць якія-небудзь рэчы (рамкі, гусей, курэй).
Песня:
З намы, дівонька, з намы
У нас возы малёваны.
У нас діла ны робыты,
Оно шыты, да былыты,
Хорошэнько ходыты.
У нас хліб сонцэ пычэ,
Сама вода ў хату тычэ.
З мора вода вылываіцца,
Зять от тэшчы выбыраіцца.
Постуй, зятю, хоть годыночку,
Подыўлюса на свою дытыночку.
Трэбуло б, тэшча, ны хвалытыса,
Посадыты дай дывытыса.
Посадыты дай на дошчычку,
Дывытыса дай на дочычку.
Вяселле адпраўляецца ў дарогу. З маладой едуць прыданкі. Нявесту падвозяць да двара жаніха. Падышоўшы да парога, прыданкі, якія стаяць за жаніхом і нявестай, спяваюць:
Выйды, маты, вытаты
Ны забудь попытаты,
Ны забудь попытаты,
Чы ўміе кросна ткаты,
Чы ўміе наровыты,
Коб бэдра ны зломыты.
Свякруха выходзіць на парог у апранутым навыварат кажусе. У руках яна трымае века ад дзяжы, на якім ляжыць пірог і стаіць мёд. Частуе маладых, благаслаўляе і запрашае ўсіх у хату. Уперадзе ідуць дружок, малады, маладая. Яны тры разы абыходзяць сталы і кланяюцца ў чырвоны куток. Затым маладыя,дружок, прыданкі садзяцца за пярэдні стол, далей садзіцца род жаніха. Сталы застаўлены рознымі вясковымі стравамі. Госці ядуць, спяваюць. Настае час знімаць вэлюм у маладой. Свякроў бярэ барабаннае качалка, знімае вэлюм, дае для нявесткі хустку. Нявестка завязвае яе і з жаніхом выходзіць, каб зняць вясельны ўбор і надзець другую сукенку. Госці працягваюць весяліцца. Праз некаторы час свякроў забірае прыданак на начлег, пасля чаго пачынаюць разыходзіцца і сваякі. Першы дзень вяселля закончыўся.
Перазоў
Каля гадзіны адзінаццатай малады з музыкантам і чатырма хлопцамі адпраўляецца за раднёй нявесты. Маці нявесткі навязвае хлопцаў, частуе іх разам са сваёю раднёй. Усе яны адпраўляюцца да жаніха. На другі дзень вяселле адбываецца менавіта тут. Але “перазоў” у хату спачатку не пускаюць.
Як і прынята на вяселлі чуецца песня:
Ой багатый свату,
Пусты нас у хату.
На нуч погрітыса,
На дівоньку подывытыса:
Чы хороша, чы ўдала,
Чы нас сподобала?
Да вона будэ по застуллічку лэтаты,
Да вона будэ гэты гостэйкы прыматы.
Прыіхала маты ў пырызоў до дытяты,
Прывызла іголку і клубочок шоўку.
Шыты, вышываты зятёвы сорочку.
Ны вылять мні, матко, шыты, вышываты,
Да вылять мні, матко, тоўчі, молоты,
Тоўчі, молоты, свыням даваты,
Свыням даваты, а ны вышываты.
Тоўчі, молоты я ўмію,
А до мамонькі просытыса ны смію.
Радню маладой запрашаюць за сталы, частуюць. Ідзе час.
Спяваюцца песні:
Ой жаль жэ мні, моя мамонька, на тыбэ,
Остаецца ўся рута – мята ўся ў тыбэ.
Ой прыідь, прыідь, рідна дочынька, з возком,
Забыры руту – мяту і з пыском.
Ой свыснулы два соколыкы на моры,
Одозваласа молодая дівонька ў коморы,
“Ой чы е, чы е муй батюхно на дворі?
Ныхай выкупыть мынэ молодую з ныволі.”
Бацька: “Ой чы мныго дай моя, дочка, з ныволі?”
Дачка: “Ой 100 злотых да 400 чырвоных.”
Ой злодый, сватко, злодый,
Дай украў нашу дочку,
Схаваў у коморочку,
Глыныю замазаў,
Дай нам ны показаў.
Выйды, дівонько, выйды,
Ты ны мітымыш крыўды.
Да вынысь калыноньку,
Звысылы дытыноньку.
Ны так родыныньку
Як свою мамоньку.
Да вынысь чырвоную –
Звысылы хрышчоную.
У гэты час прыходзіць маладая, запінае фартух і вітаеца з кожным за руку. Усе вясельныя кладуць у руку грошы. Яна ложыць іх у фартух, затым завязвае і кладзе грошы ў куток, садзіцца са сваёй раднёй.
Вясельнымі песнямі вызываюць маладога:
Дэ наш зять подіўса?
Чы ў клоччэ ўкрутыўса?
Чы сынокос косыть?
Чому гостэй ны просыть.
З-за порога выглядае,
Шчо хорошы пырызоў мае.
Прыходзіць малады, усіх частуе і сам садзіцца за стол разам з маладой. Сваякі жаніха і нявесты весяляцца, танцуюць, спяваюць вясельныя песні, крыху пазней разыходзяцца па хатах.
Каравай
У гэты дзень, аўторак, бацька і маці маладой збіраюць самых блізкіх родзічаў (сясцёр, братоў, цётак, дзядзькоў) і ідуць да маладога. Калі госці збяруцца, запальваюць свечкі, моляцца Богу, потым садзяцца за сталы і пачынаюць дзяліць каравай. Абавязак гэты выконваюць хрышчоныя бацькі жаніха і нявесты. Частка каравая пакідаецца для родзічаў, якія не прымаюць удзел у вяселлі. Яны атрымаюць яго, калі будзе разносіцца посуд, што бралі на вяселле ў сваёй радні. Каравай раздаецца ўсім, апрача маладых. Яны яго не павінны каштаваць (Гаварылі: каб не былі дзеці каўтунатыя). Дзяленнем каравая вяселле закончвалася.
Часам бацькі нявесты запрашалі да сябе ў госці сям’ю жаніха. Адбывалася гэта ў наступную нядзелю.
Вясельны абрад пачатку ХХІ ст
Беларускія вяселлі ўжо даўно ламаюць стэрэатыпы і старыя традыцыі.
Сучасныя нявесты адмаўляюцца ад звыклых нашым мамам выкупаў і чарак у туфліках і адкрываюць для сябе амерыканскія ідэі.
Так на вяселлях з'яўляюцца цудоўныя аркі для выязной рэгістрацыі, candy бары і фотозона, вядучы замяняе тамаду, а курыруе гэта ўрачыстасць вясельны распарадчык.
Як праходзіць сучаснае беларускае вяселле?
Сваімі успамінамі пра вяселле падзялілася Кныш Таццяна Фёдараўна, 1981 г. н.
“Вяселле гулялі у жніўні 2004 года. Перад вяселлем былі запоіны. Бацькі жаніха, хрышчоныя бацькі прыязджалі да маіх бацькоў і дамаўляліся пра дату вяселля. А маі бацькі навязвалі іх навязнікамі (адрэзамі тканіны і рушнікамі). Спявалі многа, але я не ведаю слоў гэтых песен.
Вяселле было тры дні. У пятніцу замешвалі цеста на каравай і яго выпякалі. Кожны момант падрыхтоўкі каравая суправаджаўся адпаведнымі рытуаламі і песнямі. Затым упрыгожвалі шышкі (бярозавыя палкі, абкручаныя цестам і запечаныя ў пячы) кветкамі, зробленымі з гафрыранавай паперы сваімі рукамі. Шышкі тыкалі ў каравай і вынасілі яго ў халоднае месца. На жаль не захаваліся фатаграфіі каравая. Ён быў такі прыгожы!
Суботні дзень пачынаўся з выкупа нявесты. Затым мы перапіваліся з жаніхом. Пасля гэтага мой родны брат абводзіў мяне вакол стала тры разы і я павінна была кланяцца родным і блізкім. Перад ад’ездам у ЗАГС бацькі абходзілі машыны маладых тры разы і брызгалі вадой.
У ЗАГСе мы павінны былі разам стаць на рушнік, адкусіць хлеба, пакарміць адзін аднаго мёдам і запаліць свечкі. Быў у нас і вальс Мендэльсона. Пасля роспісу, на выхадзе, я кідала за спіну цукеркі. Мы ўскладвалі кветкі ля помніка загінуўшым у гада Вялікай Айчыннай вайны. Усе госці чакалі нас у кафэ. Там нас сустракалі мае бацькі. Пад час вяселля былі розныя конкурсы. Помню, што ў мяне выкралі туфлю, а жаніху прышлось плаціць выкуп. Вечарам, перад ты як ад’язджалі да жаніха, мяне пасядзілі на пярыну і абсыпалі жытам.
У нядзелю мы вянчаліся. Тут таксама былі свае рытуалы. У гэты дзень мне маці жаніха знімала вэлюм і завязвала хустку. Пасля дзялілі каравай і раздавалі гасцям. Вяселле было скончана. У шлюбу мы жывем 14 гадоў.“
Свамі успамінамі пра вяселле падзялілася Бяляўская Надзея Сяргееўна:
“Маё вяселле было ў 2017 годзе. Было сватанне, рэгістрацыя, вянчанне. Перад вяселлем быў дзявічнік. У дзень вяселля малады з сябрамі і сведкай прыехалі да нас. Сабраліся мае сяброўкі, якія патрабавалі выкуп. У гораду Пінску адбылася наша рэгістрацыя шлюбу. Пасля цырымоніі рэгістрацыі мы разам са сваімі самымі блізкімі людзьмі праязджалі па самых значным месцам горада Пінска і фатаграфаваліся. У парку на масту павесілі замочак, як сімвал вернасці. Ну і нарэшце, прышоў час самой бяседы, якая праходзіла у зале рэстарана. Бацькі сустракалі нас хлебам і соллю. Я адкусіла большы кавалак, што дало повад меркаваць аб тым, што я буду кіраўніком сям’і. Н банкеце гучалі асноўныя тосты і праводзяліся конкурсы. Кіраваў банкетам тамада. На бяседзе прысутнічалі усе госці, у той час, як на гуляннях была толькі іх частка. Банкет заканчыўся ўжо далёка за поўнач. У канцы маці жаніха знімала вэлюн і завязвала хустку. Дарылі нас у пачатку банкета.Сімвалам сямейнага ачага было запальванне свечак. Дзялілі каравай, які заказвалі ў пякарні.”
На жаль, сучасная беларуская вяселле мала нагадвае традыцыйнае старадаўняе.
Такім чынам, калі б традыцыі і абрады нашых продкаў выконваліся сучаснай моладдзю, магчыма, мы б цяпер не назіралі сумную карціну статыстыкі разводаў (у першым квартале 2018 года ў сталіцы беларускага Палесся на 122 шлюбы прыйшліся 133 разводы.
Беларускі вясельны абрад-вельмі старажытны, ён сыходзіць сваімі каранямі глыбока ў мінулае. Цяпер сучасныя вяселлі мала падобныя на старажытнае таінства - яны праводзяцца па еўрапейскаму узоры і прызначаюцца ў любы час года. А ў старажытнасці вяселлі ўладкоўваліся выключна пасля ўборкі ўраджаю, восенню, і ніколі вясельнае баляванне нельга было ўбачыць у дні посту. Уласна, у годзе заставалася не так ужо шмат дзён, калі можна было гуляць вяселля.
Спрашчэнне вясельных рытуалаў пачалося яшчэ ў XVIII стагоддзі. Спачатку на еўрапейскі манер сталі праводзіць вяселля ў Імператарскай сям'і, затым гэтаму рушыла ўслед вышэйшая ведаць, дваране і купецтва. Толькі на вёсцы нават у першыя гады савецкай улады вяселля праходзілі з захаваннем многіх старых рытуалаў, а там, дзе захаваліся царквы, і з вянчаннем.
У нашы дні пачалося вяртанне некаторых напаўзабытых вясельных рытуалаў. У поўным аб'ёме адрадзіць іх ужо не атрымаецца, ды, мабыць, у гэтым і няма неабходнасці, так як жыццё істотна змянілася. Але пагадзіцеся, што было ў старых рытуалах нешта такое, што не проста дазваляла зрабіць вяселле запамінальным, але і напоўніць яго глыбінным сэнсам, ператварыўшы ў адно з галоўных жыццёвых падзей.
свернуть